Праграмныя задачы: развіваць уяўленні дзяцей пра народныя святы, здольнасць адчуваць эмацыянальную выразнасць рытму і перадаваць яго ў руху, суперажываць партнёру па гульні; фарміраваць уменне разумець, выражаць эмацыянальны змест музыкі ў мастацкім вобразе; выхоўваць культуру ўзаемаадносін удзельнікаў гульні, устойлівую цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў. Матэрыял і абсталяванне: касцюмы Купалінкі і Вядзьмаркі для дарослых, кошык, штучныя кветкі, вялікі парасон, надзіманы басейн з вадой, бутафорскі касцёр, бервяно, два невялічкіх мяшкі з саломай, «павуцінне» з рызінак, «чароўная папараць-кветка», музычны цэнтр, аўдыязапісы: трывожнай, павольнай і вясёлай музыкі, беларускай народнай песні «Купалінка» і беларускай народнай музыкі да танцаў «Трасуха» і «Полька-весялуха».
Ход мерапрыемства
Купалінка вядзе дзяцей да святочна ўпрыгожанай пляцоўкі на вуліцы.
Купалінка.
Добры дзень, зямліца родная!
Пачынаем свята народнае.
Называюць яго Купалле
I святкуюць ад вечара да рання. 1-е дзіця.
Дзякуй продкам, бацькоўскай зямлі,
Што Купалле для нас збераглі! 2-е дзіця.
Сабралося сёння багата
Гасцей на купальскае свята. 3-е дзіця.
Будзе музыка граць,
Будуць дзеці спяваць,
Весяліцца і гуляць. 4-е дзіця.
Купалле святкуем,
Спяваем і танцуем!
Танец «Трасуха»
пад бел. нар. музыку
Купалінка.
Колькі прыгожых кветак,
Нібыта цудоўных дзетак! 5-е дзіця.
Над намі сонейка лунае
I цеплынёю ахінае. 6-е дзіця.
Ідзём на лузе мы гуляць,
Дзе будзем кветачкі збіраць.
Дзеці збіраюць штучныя кветкі і кладуць іх у кошык Купалінцы.
Купалінка.
Увага, дожджык пачынаецца,
Пад парасон усе хаваюцца!
Гучыць трывожная музыка, дзеці збягаюцца пад вялікі парасон.
Купалінка.
Дожджык, мусіць, прытаміўся —
Вельмі хуценька спыніўся. 7-е дзіця.
Не будзем чакаць мы ночкі,
Пачынаем плесці вяночкі! Купалінка.
Дзелімся на дзве каманды
I вяночкам будзем рады!
Гучыць павольная музыка, дзеці бяруць у Купалінкі з кошыка штучныя кветкі і з дапамогай дарослых плятуць вяночкі.
Купалінка.
Дзяўчынкі, апусцім вяночкі
Ў ваду на шчасце да ночкі!
Кладуць вянкі на ваду ў надзіманы басейн.
Купалінка. У купальскую ноч у лесе распускаецца чароўная папараць-кветка. Існуе паданне, што той, хто знойдзе яе, будзе вельмі шчаслівым.
Паспрабуем і мы з вамі пашукаць папараць-кветку.
Пад вясёлую музыку дзеці крочаць да «лесу», але раптам перад імі з’яўляецца Вядзьмарка.
Вядзьмарка. Што вы тут робіце? Прэч з майго лесу! Дзеці хаваюцца за Купалінку. Купалінка. Калі ласка, Вядзьмарачка, дапамажы нам адшукаць папараць-кветку. Вядзьмарка. Магчыма, і дапамагу, калі са мною пагуляеце і мае загадкі адгадаеце. Згодны? Дзеці. Так! Вядзьмарка загадвае загадкі А. Клышкі:
Цёхкае па-салаўінаму,
Клякоча па-буслінаму,
Гаўкае па-сабачы,
Ніхто яго не бачыць. (Рэха.)
Па лесе ідзе — сучка не скране.
Па лузе ідзе — травы не прымне.
Па вадзе ідзе — хвалі не скалане. (Цень.)
Ласкі ні поле, ні луг
Ад яго не чакаюць,
Нават хмары і тыя
Ад яго ўцякаюць. (Вецер.)
Вядзьмарка.
Усё адгадалі, цяпер разбягайцеся,
Музыка сціхне — у пары збірайцеся!
Пад вясёлую музыку дзеці разбягаюцца, а затым становяцца парамі. Вядзьмарка. На Купалле заўсёды разводзяць вогнішча, праз якое скачуць парамі. Дзеці, пакажыце і вы свой спрыт, паспрабуйце пераскочыць праз вогнішча.
Хлопчыкі з дзяўчынкамі парамі пераадольваюць бутафорскі касцёр.
Вядзьмарка. Малайцы, усе дужа спрытныя! Цяпер на пары трэба падзяліцца хлопчыкам. Па чарзе кожная пара атрымае мяшэчкі з саломай.
Двум хлопчыкам трэба стаць на бервяно і мяшэчкам зрушыць з яго напарніка.
Пад вясёлую музыку ладзіцца гульня «Хто каго?».
Вядзьмарка. Сапраўдныя асілкі! Бацькі і дзяўчынкі вас актыўна падтрымлівалі. Усе заслужылі, каб я паказала, дзе расце папараць-кветка. Толькі трапіць туды няпроста, трэба адолець перашкоду з павуціння. Запрашаю крочыць за мной. Дзеці ідуць за Вядзьмаркай, пераступаючы праз павуцінне з нацягнутых рызінак.
Вядзьмарка. Вось і яна — запаветная, чароўная папараць-кветка.
Станавіцеся ў круг, перадавайце яе адзін аднаму і загадвайце жаданне. Праз пэўны час папараць-кветка дапаможа яго здзейсніць!
Дзеці перадаюць кветку з рук у рукі.
Купалінка.
Будзем свята завяршаць,
Зноў весяліцца і скакаць.
Танец «Полька-весялуха»
пад бел. нар. музыку
Гучаць апладысменты гледачоў. Пад аўдыязапіс беларускай народнай песні «Купалінка» дзеці пакідаюць пляцоўку.
ЛІТАРАТУРА:
1. Казлоўская, Н. У пошуках папараць-кветкі / Н. Казлоўская, Т. Красоўская // Пралеска. — 2016. - № 6. - С. 60-62.
2. Ліцьвінка, ВД. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. — Мінск: Беларусь, 1998.